|
Пасляаперацыйнае лячэнне пацыента, які перанёс ампутацыю, сканчаецца
гаеннем раны. Гэта доўгі працэс рознай інтэнсіўнасці і скіраванасці. Мы падпадзяляем наступнае лячэнне на 3 фазы:
1) ад ампутацыі да гаення раны;
2) ад гаення раны да канчатковага пратэзавання;
3) пасля канчатковага пратэзавання.
Другая і трэцяя фазы разгледжаныя ў раздзеле 6.


Ад ампутацыі да гаення раны.
Прынцыпова гэтая фаза не адрозніваецца ад такіх пасля іншых хірургічных умяшанняў на апорна-рухальным апараце. Аднак рызыка парушэнняў пры гаенні ран тут вызначана вышэй, чым пры іншых аперацыях, асабліва калі для гаення існуюць неспрыяльныя мясцовыя і агульныя перадумовы, што для нашых пацыентаў вельмі характэрна. Таму мы павінны звяртаць больш увагі, чым пры іншых умяшаннях, на магчымыя парушэнні ў гаенні раны, адразу жа іх распазнаваць і прымаць неабходныя меры. Найменшая памылка ў пасляаперацыйным лячэнні можа прывесці да ўскладненняў, аж да паўторнай ампутацыі (мал. 4.150) і тым самым звесці на няма ўсяго высілка хірурга (гл. раздзел 7.9).
Гаенне раны звычайна спалучана з ацёкам. Рана ампутацыйнай куксы, мелая вялікую паверхню і глыбіню, не абароненая ад гэтага. Аднак ацёк не павінен прыводзіць да напругі тканін, бо гэта багата мясцовым парушэннем кровазвароту і некрозам. Небяспека асабліва вялікая, калі звычайны ацёк раны спалучаецца з іншымі фактарамі, якія створаць напругу тканін: паўторным крывацёкам, мясцовым некрозам, развіццём інфекцыі або пруткай павязкай.
|